Thursday, July 17, 2008

М. Чаргінец: Карысьць ад апытаньня ёсьць


Ігар Карней

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Мікалай Чаргінец лічыць, што ня кожны міжвольны сьведка здарэньня сам пойдзе ў міліцыю. Але калі ў кватэру прыйдзе ўчастковы, у памяці могуць узьнікнуць карысныя фрагмэнты таго дня.


Генэрал-лейтэнант міліцыі Мікалай Чаргінец прайшоў шлях ад опэрупаўнаважанага да начальніка крымінальнага вышуку Беларусі. Павальнае апытаньне жыхароў гораду, у якім зьдзейсьненае гучнае злачынства, ён лічыць ня самым эфэктыўным спосабам імгненна выйсьці на злачынцу, але перакананы, што пачутыя ад людзей зьвесткі могуць скіраваць сьледзтва ў патрэбнае рэчышча:

“Не, гэта не псыхоз. Я сам супрацоўнік крымінальнага вышуку і шмат працаваў у сфэры раскрыцьця злачынстваў. Магу сказаць, што такі кантакт з насельніцтвам часам дазваляе выйсьці на злачынцу. Падчас сустрэчы з людзьмі, апытваючы іх, адначасова атрымліваеш інфармацыю, заўвагі, нейкія прапушчаныя пытаньні, якія застаюцца без адказаў. І таксама супрацоўнікі атрымліваюць інфармацыю пра злачынцаў, якія, магчыма, учынілі іншае злачынства.

Таму гэта нядрэнны, хоць і працяглы шлях. Ён не зусім эфэктыўны з пункту гледжаньня імгненнага выхаду на злачынцу. Пагадзіцеся, калі там было няхай не 500 тысяч, гэта маё меркаваньне, можа меней, але сотні тысяч людзей было. Магчыма, хтосьці зь іх мог бы і падказаць: я, маўляў, бачыў, як нейкі чалавек са скруткам сеў у машыну з нумарам 15-17, груба кажучы. Іншага выйсьця няма, такая праца з насельніцтвам прадугледжаная ўва ўсіх краінах сьвету. Ніводная краіна не адыходзіць ад такога кантакту, ён двухбакова выгадны. І нават у нашых статутных дакумэнтах для працы ўчастковых інспэктараў запісана, што яны ўвогуле павінны штомесяц сустракацца з жыхарамі свайго ўчастку. Таму тут ніякі не псыхоз, так казаць могуць толькі дылетанты альбо тыя, хто хоча скампрамэтаваць міліцыю. На жаль, гэта вымушаная мера. Я ня думаю, што яна абавязкова прывядзе да раскрыцьця, але карысьць ад яе ўсё ж ёсьць”.

http://www.svaboda.org/content/Article/1184399.html

А. Волчак: “Арганізатараў выбуху ў Беларусі даўно няма”


Ігар Карней

Менская міліцыя абяцае цягам двух тыдняў апытаць усіх жыхароў сталіцы ў зьвязку з выбухам у ноч на 4 ліпеня падчас гуляньняў, прымеркаваных да Дня незалежнасьці.


Былы сьледчы пракуратуры Фрунзэнскага раёну Менску Алег Волчак перакананы: тых, хто арганізаваў выбух, даўно ў Беларусі няма — улады вельмі марудна разгойдаліся і далі зламысьнікам час, каб спакойна замесьці сьляды. А што рабіць, калі заўтра людзі ў пагонах пастукаюць у вашы дзьверы?

“Мне тэлефанавалі многія людзі, цікавіліся, як паводзіць сябе ў сытуацыі, калі да вас прыйшоў участковы міліцыянт і ў вуснай гутарцы пачынае задаваць шмат пытаньняў. Найперш, у якасьці сьведкі можа быць выклікана асоба, якая сапраўды валодае зьвесткамі па канкрэтнай справе. Проста так выклікаць 2 мільёны чалавек, абыходзіць кватэры, я лічу, непрафэсійна. Толькі затрацім вялікія рэсурсы, а толку гэта ніякага ня дасьць.

Па-другое, шмат хто адзначае: вядзецца толькі вусная гутарка, без складаньня пратаколу. Задаюць набор пытаньняў, вывучаецца асабістае жыцьцё — перадусім, дзе служыў, у якіх войсках, якая адукацыя. А гэта ўжо ўмяшаньне ў прыватнае жыцьцё, што забаронена Канстытуцыяй. Таму любы чалавек можа адмовіцца ад такога допыту і не даваць паказаньняў. У некаторых выпадках наўпрост папярэджваюць: будзьце гатовыя, вас могуць выклікаць у РУУС. Але на падставе чаго выклікаць, нават калі чалавек калісьці служыў сапёрам? Гэта не падстава, каб дапытваць людзей у якасьці сьведкі па крымінальнай справе. Канечне, гэта парушэньне правоў чалавека. І я раю проста не адказваць на правакацыйныя пытаньні, бо ў органаў унутраных спраў няма законных падставаў вось так выцягваць кожнага чалавека і задаваць нейкія пытаньні”.

http://www.svaboda.org/content/Article/1184376.html

Міліцыя правярае ліквідатараў і ўдзельнікаў “гарачых кропак”

Алег Грузьдзіловіч

Пра гэта паведаміў Радыё “Свабода” ліквідатар чарнобыльскай аварыі Мікалай зь Менску. Паводле Мікалая, яго выклікалі ў райаддзел міліцыі і запатрабавалі здаць адбіткі пальцаў.


“У калідорах райаддзелу поўна людзей: выклікаюць ліквідатараў, а таксама ўдзельнікаў розных канфліктаў у “гарачых кропках”. Пытаюцца, дзе быў у ноч на 4 ліпеня, і прапануюць здаць адбіткі пальцаў. Пакуль толькі прапануюць. Што да мяне, я адмовіўся здаваць, бо лічу гэта незаконным. Я тады ўвогуле ня быў у Менску, пры чым тут мае пальцы?”

Мікалай не назваў свайго прозьвішча. Ён пабойваецца, каб за адмову здаваць адбіткі пальцаў у яго ня ўзьнікла праблемаў.

У прэсавай службе МУС адносна сьледзтва ў справе выбуху кажуць: “вядуцца пэўныя дзеяньні, якія прадугледжаныя законам”, але падрабязнасьцяў не паведамляюць. Паводле незалежных крыніц, у ізалятары на Акрэсьціна ў сувязі з расьсьледаваньнем выбуху ўтрымліваюць болей за 50 чалавек.

http://www.svaboda.org/content/Article/1184395.html