Thursday, July 17, 2008

М. Чаргінец: Карысьць ад апытаньня ёсьць


Ігар Карней

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Мікалай Чаргінец лічыць, што ня кожны міжвольны сьведка здарэньня сам пойдзе ў міліцыю. Але калі ў кватэру прыйдзе ўчастковы, у памяці могуць узьнікнуць карысныя фрагмэнты таго дня.


Генэрал-лейтэнант міліцыі Мікалай Чаргінец прайшоў шлях ад опэрупаўнаважанага да начальніка крымінальнага вышуку Беларусі. Павальнае апытаньне жыхароў гораду, у якім зьдзейсьненае гучнае злачынства, ён лічыць ня самым эфэктыўным спосабам імгненна выйсьці на злачынцу, але перакананы, што пачутыя ад людзей зьвесткі могуць скіраваць сьледзтва ў патрэбнае рэчышча:

“Не, гэта не псыхоз. Я сам супрацоўнік крымінальнага вышуку і шмат працаваў у сфэры раскрыцьця злачынстваў. Магу сказаць, што такі кантакт з насельніцтвам часам дазваляе выйсьці на злачынцу. Падчас сустрэчы з людзьмі, апытваючы іх, адначасова атрымліваеш інфармацыю, заўвагі, нейкія прапушчаныя пытаньні, якія застаюцца без адказаў. І таксама супрацоўнікі атрымліваюць інфармацыю пра злачынцаў, якія, магчыма, учынілі іншае злачынства.

Таму гэта нядрэнны, хоць і працяглы шлях. Ён не зусім эфэктыўны з пункту гледжаньня імгненнага выхаду на злачынцу. Пагадзіцеся, калі там было няхай не 500 тысяч, гэта маё меркаваньне, можа меней, але сотні тысяч людзей было. Магчыма, хтосьці зь іх мог бы і падказаць: я, маўляў, бачыў, як нейкі чалавек са скруткам сеў у машыну з нумарам 15-17, груба кажучы. Іншага выйсьця няма, такая праца з насельніцтвам прадугледжаная ўва ўсіх краінах сьвету. Ніводная краіна не адыходзіць ад такога кантакту, ён двухбакова выгадны. І нават у нашых статутных дакумэнтах для працы ўчастковых інспэктараў запісана, што яны ўвогуле павінны штомесяц сустракацца з жыхарамі свайго ўчастку. Таму тут ніякі не псыхоз, так казаць могуць толькі дылетанты альбо тыя, хто хоча скампрамэтаваць міліцыю. На жаль, гэта вымушаная мера. Я ня думаю, што яна абавязкова прывядзе да раскрыцьця, але карысьць ад яе ўсё ж ёсьць”.

http://www.svaboda.org/content/Article/1184399.html

No comments:

Post a Comment