Friday, October 31, 2008

Пацярпелым ад выбуху ў Мінску выплацілі 57 мільёнаў рублёў

Павал Гіба, Еўрапейскае радыё для Беларусі
Аднак, як даведалася Еўрарадыё, грошы пакуль атрымалі не ўсе, таму сума кампенсацый яшчэ павялічыцца.

57 мільёнаў рублёў атрымалі пацярпелыя ад выбуху ў Мінску 4 ліпеня. Як распавяла сакратар камісіі па аказанні дапамогі ахвярам здарэння пры Мінгарвыканкаме Святлана Шалянгоўская, яны атрымліваюць грошы безнаяўным разлікам на рахунак у “Беларусбанку”. Сродкі трапляюць туды з прэзідэнцкага фонду.

Святлана Шалянгоўская: “Грошы пералічваюцца на звычайны рахунак у Беларусбанку з прэзідэнцкага фонду. На сёння пералічана дапамогі на 57 мільёнаў рублёў”.

У залежнасці ад цяжкасці ранення пацярпелыя атрымліваюць ад 20 да 100 базавых велічыняў (яна складае сёння 35 тыс. рублёў). Калі ў выніку выбуху яны сталі інвалідамі, то сума выплаты павялічваецца да 200-400 базавых. Для таго, каб атрымаць такую дапамогу, спачатку неабходна напісаць заяву.

Святлана Шалянгоўская: “Ёсць указ і нарматыўныя акты, мы працуем згодна з указам. Мы абзванілі ўсіх пацярпелых. Яны падалі заявы. Па аўторках праходзяць камісіі. Па выніках пасяджэнняў на працягу трох дзён, я адпраўляю ім ліст, што іх заява разгледжана, прынята такое рашэнне, вам аказана дапамога”.

На дадзены момант дапамогу ўжо атрымалі больш за 40 чалавек. Адзін з іх, 23-гадовы Анатоль Шынкевіч, які працуе на Мінскім трактарным заводзе, атрымаў 50 базавых велічыняў.

Анатоль Шынкевіч: “Пару тыдняў таму мне заплацілі 1 750 000 рублёў. Я кампенсацыяй задаволены. Пасля траўмы застаўся толькі сіняк, але ён не баліць”.

Пакуль дапамогу атрымалі не ўсе: у кагосьці не зроблены пашпарт, ёсць людзі з іншых гарадоў. Але ў выканкаме кажуць, што раней ці пазней кожны пацярпелы атрымае грошы.

No comments:

Post a Comment