Wednesday, July 23, 2008

Сёньня спэцслужбы дапыталі...

Дырэктарку выдавецкага дома “Витебский курьер” Жану Папову, сябраў БСДП “Грамада" Віктара Сазонава, актывіста АГПі Аляксандра Сьцепаненку, актывіста БСДП(Грамада) Вячаслава Болбата. ...
Сёньня ў Віцебску супрацоўнікі міліцыі правялі ператрус у кватэры дырэктаркі выдавецкага дома “Витебский курьер” Жаны Паповай.

Як паведамляе БАЖ, ператрус праводзілі міліцыянты з Мінску, супрацоўнікі Ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю. Яны патлумачылі, што ператрус у кватэры журналісткі ладзіўся ў сувязі з выбухам 4 ліпеня ў Менску. Адразу пасьля ператрусу міліцыянты павезлі Жану Папову ў Абласное ўпраўленьне міліцыі па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю для дачы паказаньняў.Выдавецкі дом “Витебский курьер” выпускае адзіную на сёньня ў горадзе зарэгістраваную недзяржаўную грамадзка-палітычную газэту “Витебский курьер М”.

***

У Горадні ў КДБ сёньня дапыталі Віктара Сазонава. У сябра БСДП “Грамада” пыталіся, ці вучылі яго падчас вайсковай службы абыходзіцца з выбуховымі рэчывамі. Службу Віктар Сазонаў праходзіў у дэсантных войсках. Запыталіся таксама, дзе быў з 3 на 4 ліпеня. Ён адказаў, што ў гэты час знаходзіўся дома.

***

Сёньня супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі правялі ператрус у Менску ў кватэры актывіста Аб'яднанай грамадзянскай партыі Аляксандра Сьцепаненкі. Пасьля ператрусу а 14-й гадзіне Аляксандра Сьцепаненку павезьлі на допыт у КДБ.

***

Сёньня ў міліцыю Баранавічаў выклікалі актывіста Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Вячаслава Болбата. “У мяне ўзялі адбіткі пальцаў, далоняў, сьліну на аналіз, завялі картку – распавёў “Свабодзе” спадар Болбат. - Мне сказалі, што шукаюць людзей, датычных да выбуху ў Менску. Цікавіліся, дзе я знаходзіўся 3 і 4 ліпеня”. Апазыцыйны актывіст сказаў, што ў міліцыю выклікалі таксама і іншых мясцовых актывістаў - Віктара Мезяка з БНФ, Віктара Цяпіна з Партыі камуністаў беларускай і праваабаронцу Сяргея Гоўшу.

***



Лідэра незарэгістраванай Беларускай партыі Свабода Сяржука Высоцкага выклікаюць у Сьледчае ўпраўленьне па вуліцы Сапёраў. Сяржук Высоцкі паведаміў Свабодзе, што яму патэлефанавалі і папрасілі прыйсьці без адваката. Яму паабяцалі, што сустрэча будзе доўжыцца 10-15 хвілін. Супрацоўнікі ўпраўленьня не патлумачылі прычыну выкліку да сьледчага. Сяржук Высоцкі быў затрыманы як падазраваны ў справе выбуху 4 ліпеня і 72 гадзіны правёў у сьледчым ізалятары КДБ. Супрацоўнікі КДБ адпусьцілі яго пасьля допыту.

http://www.svaboda.org/content/Article/1185651.html

No comments:

Post a Comment