Tuesday, July 29, 2008

Пошук пакета з-пад соку: рэкламная акцыя ці мерапрыемствы міліцыі?

Як стала вядома Еўрарадыё, гэтую акцыю прыдумалі беларускія піяршчыкі. У “Сандоры” заяўляюць, што з мерапрыемствамі міліцыі яна не мае нічога агульнага, але самі беларускія праваахоўнікі сцвярджаюць, што рэклама ўсё ж мае дачыненне да расследавання.

Арыгінальную рэкламную акцыю праводзіць украінскі вытворца сокаў “Сандора” ў Беларусі. Жадаючым прапаноўваецца знайсці пакет з-пад апельсінавага нектару “Садочак” з датай разліву 9 лютага 2008 года і серыйным нумарам ад 101000 да 101050. Тым, хто знойдзе, абяцаецца прэмія — 2 мільёны рублёў. Такія плакаты з'явіліся на вуліцах Мінска.

Як распавялі Еўрарадыё ў дылерскай фірме, якая займаецца пастаўкамі соку ў Беларусь, акцыя стартавала чатыры дні таму і мае на мэце праверыць працу беларускіх дылераў, а таксама парэкламаваць прадукт.

“Сандора” правярае, як сок распаўсюджваецца па Беларусі. Адпаведна, ў розных кропках будуць выйгрышы. Сок развезены па ўсёй Беларусі. Таму павінны выйграць людзі ў розных гарадах”.

Таксама адзначылі, што ўкраінская фірма пажадала, каб акцыя праходзіла ў 50 гарадах краіны.

У галоўным офісе “Сандоры” у горадзе Мікалаеў Еўрарадыё паведамілі, што сапраўды праводзіцца такая акцыя. І з выбухамі ў Мінску яна ніяк не звязаная. А распрацавалі яе беларускія крэатыўныя піяршчыкі.

“Гэта ідзе рэкламная акцыя. Прыдумалі яе самі беларусы”.

Тым часам начальнік аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязей ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі распавёў агенцтву БелаПАН, што размяшчэнне рэкламнага лістка ўсё ж мае дачыненне да расследавання крымінальнай справы аб выбуху. Паводле яго слоў, вышук пакетаў з-пад нектару вядзецца з ініцыятывы міліцыі, але да вырабу рэкламнага лістка яна дачынення не мае. Хто будзе выплачваць абяцаныя прэміяльныя, Ластоўскі не ведае.

Нагадаем, першая выбуховая прылада падчас правядзення канцэрта была знойдзена прыкладна ў 22.30 3 ліпеня. Яна была схавана ў двухлітровым пакеце з-пад соку. Выбуховая прылада, якая спрацавала ў 0.25 4 ліпеня, знаходзілася ў пакеце ёмістасцю адзін літр.

Крынiца:
http://www.euroradio.fm/by/559/news/21919/

No comments:

Post a Comment